САЛІГО́РСКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й Засн. ў 1976, адкрыты ў 1984 у г. Салігорск Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 310 м², больш за 9 тыс. адзінак асн. фонду (2002). Мае 3 залы ў выглядзе шахтавых штрэкаў (мастак А.В.Клязовіч). Сярод экспанатаў каменныя прылады працы 2—1-га тыс. да н.э. з археал. раскопак на тэр. раёна, калекцыі прадметаў матэрыяльнай культуры сялян 19 — пач. 20 ст. (жорны, кросны, церніца, гліняны і драўляны посуд і інш.), нар. ткацтва, інтэр’ер сял. хаты, узоры нар. адзення, матэрыялы пра падзеі грамадз. вайны, калектывізацыю, рэпрэсіі сав. часу, пра мастака і пісьменніка Б.Залескага, прыродазнаўца К.Валасовіча. Экспазіцыя Вял. Айч. вайны прысвечана дзейнасці падполля і партыз. руху на Старобіншчыне, землякам Героям Сав. Саюза А.А.Жуку, В.З.Каржу, Л.З.Муравіцкаму, Дз.С.Наруцкаму, А.К.Стампкоўскай, героям вайны братам М. і І. Цубам. У асобным раздзеле пра гісторыю Салігорска дэманструюцца прылады працы шахцёраў, ўзоры калійных солей. У зале прыроды чучалы птушак, жывёл, калекцыі насякомых рэгіёна. Музей ладзіць выстаўкі мясц. майстроў керамікі, ткацтва, саломапляцення, калекцый прадметаў этнаграфіі і інш.
З.В.Рамановіч.
т. 14, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)